Mark 15 (BNTABOOT)
1 1. І адразу раніцою, зрабіўшы нараду, першасьвятары са старшынямі і кніжнікамі, і ўвесь сынэдрыён, зьвязаўшы Ісуса, павялі і выдалі Пілату. 2 2. І спытаўся ў Яго Пілат: «Ты — Валадар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш». 3 3. І вінавацілі Яго першасьвятары ў многім. 4 4. А Пілат зноў спытаўся ў Яго: «Нічога не адказваеш? Глядзі, як шмат сьведчаць супраць Цябе?» 5 5. Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат зьдзівіўся. 6 6. А на сьвята ён звальняў ім аднаго з вязьняў, за якога прасілі. 7 7. Быў жа адзін, называны Барабба, увязьнены разам з супольнікамі, якія пад час паўстаньня ўчынілі забойства. 8 8. І, закрычаўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што рабіў ім заўсёды. 9 9. А Пілат адказаў ім, кажучы: «Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?» 10 10. Бо ведаў, што першасьвятары праз зайздрасьць выдалі Яго. 11 11. Але першасьвятары падбухторылі натоўп, каб лепш адпусьціў ім Бараббу. 12 12. Дык Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што вы хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго называеце Валадаром Юдэйскім?» 13 13. Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!» 14 14. Пілат жа сказаў ім: «Што ліхога ўчыніў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Укрыжуй Яго!» 15 15. Дык Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, адпусьціў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў на ўкрыжаваньне. 16 16. І жаўнеры завялі Яго на панадворак, што завецца прэторыя, і склікаюць усю кагорту. 17 17. І апранаюць Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, ускладаюць на Яго. 18 18. І пачалі вітаць Яго: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!» 19 19. І білі Яго трысьцінай па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, пакланяліся Яму. 20 20. І калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае. І вядуць Яго, каб Яго ўкрыжаваць. 21 21. І прымушаюць нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб узяў крыж Ягоны. 22 22. І прыводзяць Яго на Гальготу, месца, што перакладаецца Месца Чэрапа. 23 23. І далі Яму піць віно, зьмяшанае са сьмірнай, але Ён не прыняў. 24 24. І тыя, што крыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць. 25 25. А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго. 26 26. І быў надпіс віны Ягонай напісаны: «Валадар Юдэйскі». 27 27. І разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго. 28 28. І споўнілася Пісаньне: «І да беззаконьнікаў залічаны». 29 29. І тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй, Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш, 30 30. выратуй Сябе Самога і зыйдзі з крыжа». 31 31. Падобна і першасьвятары, насьмяхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сябе ўратаваць ня можа. 32 32. Хрыстос, Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». І тыя, што былі ўкрыжаваныя з Ім, зьневажалі Яго. 33 33. А калі настала гадзіна шостая, сталася цемра па ўсёй зямлі ажно да гадзіны дзявятай. 34 34. І а дзявятай гадзіне Ісус загаласіў моцным голасам, кажучы: «Элёі, элёі, ламма сабахтані», што перакладаецца: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» 35 35. І некаторыя з тых, што вакол стаялі, пачуўшы, казалі: «Вось, Ільлю кліча». 36 36. А адзін, пабегшы і напоўніўшы губку воцатам ды ўсклаўшы яе на трысьціну, даваў Яму піць, гаворачы: «Пакіньце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго». 37 37. Ісус жа, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа. 38 38. І заслона ў бажніцы была разьдзертая надвое ад верху да нізу. 39 39. Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што так закрычаўшы, аддаў духа, сказаў: «Праўда, Чалавек Гэты быў Сын Божы». 40 40. Былі таксама жанчыны, што глядзелі здалёк, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Ёсіі, і Салямэя, 41 41. якія, калі Ён быў у Галілеі, хадзілі за Ім і паслугавалі Яму, і шмат іншых, што прыйшлі з Ім у Ерусалім. 42 42. І калі ўжо настаў вечар, — а быў гэта дзень прыгатаваньня, які ёсьць перад суботаю, — 43 43. прыйшоў Язэп з Арыматэі, паважаны ратман, які сам чакаў Валадарства Божага. Адважыўшыся, ён увайшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса. 44 44. А Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно памёр, 45 45. і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу. 46 46. І той, купіўшы палатніну і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і палажыў Яго ў магілу, якая была высечаная ў скале, і прываліў камень да ўваходу ў магілу. 47 47. А Марыя Магдалена і Марыя Ёсіева глядзелі, дзе палажылі Яго.