Mark 4 (BIB)
1 І зноў пачаў вучыць каля мора; і сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і быў на моры, а ўвесь люд быў на зямлі каля мора. 2 І вучыў іх прытчамі многа і ў вучэньні Сваім казаў ім: 3 слухайце: вось, выйшаў сейбіт сеяць; 4 і калі сеяў, сталася так, што іншае ўпала ўскрай дарогі, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое; 5 іншае ўпала на камяністую мясьціну, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была там ня глыбокая; 6 а калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла; 7 іншае ўпала на церне, і церне вырасла і заглушыла насеньне, яно не дало плоду; 8 а іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла тое трыццаць, тое шэсьцьдзясят і тое сто. 9 І сказаў ім: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! 10 Калі ж застаўся бязь людзей, усе, хто быў вакол Яго разам з дванаццацьцю, спыталіся ў Яго пра прытчу. 11 І сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, вонкавым, усё бывае ў прытчах, 12 каб яны сваімі вачыма глядзелі, і ня ўбачылі; сваімі вушамі чулі, і не ўразумелі, каб не навярнуліся, і не дараваны былі ім грахі. 13 І кажа ім: не разумееце гэтай прытчы? як жа вам уразумець усе прытчы? 14 Сейбіт слова сее. 15 Пасеянае ўскрай дарогі азначае тых, у якіх сеецца слова, але да якіх, калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і хапае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх. 16 Такім самым чынам і пасеянае на камяністых мясьцінах азначае тых, якія, калі пачуюць слова, адразу з радасьцю прымаюць яго, 17 але ня маюць у сабе кораня і нясталыя; потым, калі настане ўціск і ганеньне за слова, адразу спакушаюцца. 18 Пасеянае ў церне азначае тых, што чуюць слова, 19 але ў якіх турботы веку гэтага, панада багацьця і іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно бывае бяз плоду. 20 А пасеянае на добрай зямлі азначае тых, якія слухаюць слова і прымаюць, і родзяць плод, адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзясят, той ўстакроць. 21 І сказаў ім: ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну альбо пад ложак? ці не на тое, каб ставіць яе на сьвечніку? 22 Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву; і нічога няма схаванага, што ня выйшла б наверх. 23 Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай пачуе! 24 І сказаў ім: заўважайце, што чуеце: якою мераю мерыце, такою адмерана будзе вам і дададзена будзе вам, слухачам. 25 Бо, хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае. 26 І сказаў: Царства Божае падобнае на тое, як калі чалавек кіне насеньне ў зямлю, 27 і сьпіць, і ўстае ноччу і днём, і як насеньне ўзыходзіць і расьце, ня ведае ён; 28 бо зямля сама сабою родзіць спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе; 29 калі ж высьпее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво. 30 І сказаў: да чаго прыпадобнім Царства Божае? альбо празь якую прытчу выявім яго? 31 Яно - як зерне гарчычнае, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць найменшае з усіх зярнят на зямлі: 32 а як пасеяна, узыходзіць і робіцца большае за ўсякую траву, і пускае вялікае гольле, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя. 33 І такімі многімі прытчамі прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі чуць; 34 і бяз прытчы не казаў ім, а вучням сам-насам тлумачыў усё. 35 Увечары таго самага дня сказаў ім: пераправімся на той бок. 36 І яны, адпусьціўшы людзей, узялі Яго з сабою, як Ён быў, у лодку; зь Ім былі і іншыя лодкі. 37 І паднялася вялікая бура; хвалі білі ў лодку, так што яна ўжо напаўнялася вадою. 38 А Ён спаў на карме на ўзгалоўі. Яго будзяць і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Табе ня рупіць, што мы гінем? 39 І ўстаўшы, Ён загразіў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша. 40 І сказаў ім: чаго вы такія палахлівыя? чаму ў вас няма веры? 41 І ўбаяліся страхам вялікім і гаварылі і паміж сабою: хто ж гэта, што і вецер і мора слухаюцца Яго?