Mark 4 (BNTABOOT)
1 1. І зноў Ён пачаў навучаць каля мора; і сабраўся да Яго вялізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў човен, сядзеў у моры, а ўвесь натоўп быў на беразе каля мора. 2 2. І навучаў іх шмат у прыповесьцях, і гаварыў ім у Сваёй навуцы: 3 3. «Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць. 4 4. І сталася, калі сеяў, адно [зерне] ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго. 5 5. Іншае ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і адразу ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая; 6 6. а калі ўзыйшло сонца, зьвяла, і, як ня мела кораня, высахла. 7 7. А іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі яго, і не дало плоду. 8 8. А іншае ўпала ў добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла адно трыццаць, адно шэсьцьдзесят, і адно сто». 9 9. І сказаў ім: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае». 10 10. Калі ж Ён застаўся Сам, тыя, што з Ім былі, разам з Дванаццацьцю спыталіся ў Яго адносна прыповесьці. 11 11. І сказаў Ён ім: «Вам дадзена разумець таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія вонкі, усё стаецца ў прыповесьцях, 12 12. каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі, і каб слухаючы слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і не былі ім адпушчаны грахі». 13 13. І кажа ім: «Не разумееце гэтай прыповесьці? А як жа ўсе прыповесьці зразумееце? 14 14. Сейбіт слова сее. 15 15. Вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць яго, адразу прыходзіць шатан і забірае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх. 16 16. Таксама і тыя, што на камяністым месцы пасеяны, пачуўшы слова, адразу з радасьцю прыймаюць яго, 17 17. але ня маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыйдзе прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу ж горшацца. 18 18. А тыя, што ў цернях пасеяныя, чуюць слова, 19 19. але клопаты веку гэтага і ашуканства багацьця ды іншыя пажаданьні, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным. 20 20. А тыя, што пасеяныя ў добрую зямлю, гэта тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод: адзін — трыццаць, іншы — шэсьцьдзесят, а іншы — сто». 21 21. І сказаў ім: «Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці не на тое, каб была пастаўлена на сьвечніку? 22 22. Бо няма нічога тайнага, каб не выявілася, і няма нічога схаванага, каб не сталася яўным. 23 23. Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае». 24 24. І сказаў ім: «Глядзіце, што слухаеце! Якою меркаю мерыце, такою вам будзе адмерана і будзе дададзена вам, якія слухаеце. 25 25. Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае, будзе забрана ў яго». 26 26. І сказаў: «Гэтак ёсьць Валадарства Божае, як быццам чалавек кідае насеньне ў зямлю. 27 27. І ці ён сьпіць, ці ўстае ноччу і днём, а насеньне ўзыходзіць і расьце, і ён ня ведае як. 28 28. Бо зямля сама сабою родзіць спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. 29 29. Калі ж плод сасьпее, адразу пасылае серп, бо надыйшло жніво». 30 30. І сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае? Або ў якой прыповесьці выявім яго? 31 31. Як гарчычнае зерне, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншым за ўсе насеньні на зямлі; 32 32. а калі пасеянае, узыходзіць і робіцца большым за ўсе расьліны, і пускае галіны вялікія, так што птушкі нябесныя могуць хавацца ў засені яго». 33 33. І многімі падобнымі прыповесьцямі гаварыў ім слова, колькі маглі яны слухаць, 34 34. і без прыповесьці не гаварыў ім, а вучням асобна тлумачыў усё. 35 35. І ў той самы дзень, калі надыйшоў вечар, кажа ім: «Пераплывем на другі бок». 36 36. І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго, бо Ён быў у чаўне, і іншыя чаўны былі з Ім. 37 37. І сталася вялікая бура, і хвалі білі ў човен, так што ён ужо напаўняўся [вадою]. 38 38. А Ён спаў на карне на падушцы. І будзяць Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?» 39 39. І Ён, падняўшыся, забараніў ветру і сказаў мору: «Замаўчы, суцішся!» І сьціх вецер, і сталася вялікая ціша. 40 40. І кажа ім: «Чаму вы так палахлівыя? Ці ж ня маеце веры?» 41 41. І яны спалохаліся страхам вялікім і гаварылі адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вецер і мора слухаюцца Яго?»