Acts 13 (BNTABOOT)
1 1. Былі ж у Антыёхіі, у тамтэйшай царкве, некаторыя прарокі і настаўнікі: і Барнаба, і Сымон, называны Нігер, і Луцый Кірэнэец, і Манаэн, што гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, і Саўл. 2 2. А калі яны спраўлялі служэньне Госпаду і посьцілі, сказаў Дух Сьвяты: «Аддзяліце Мне Барнабу і Саўла на справу, на якую Я паклікаў іх». 3 3. Тады яны, посьцячы і молячыся, і ўскладаючы на іх рукі, адпусьцілі іх. 4 4. Тыя ж, выпраўленыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію, і адтуль паплылі на Кіпр. 5 5. І, апынуўшыся ў Саляміне, прапаведвалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны Яна за паслугача. 6 6. Прайшоўшы ж востраў да Пафа, знайшлі нейкага чараўніка, фальшывага прарока, Юдэя, на імя Бар-Ісус, 7 7. які быў у праконсула Сяргея Паўла, мужа разумнага. Той, паклікаўшы Барнабу і Саўла, шукаў слухаць слова Божае. 8 8. а чараўнік Эліма, бо так перакладаецца імя ягонае, супрацьстаяў ім, шукаючы адвярнуць праконсула ад веры. 9 9. А Саўл, ён жа Павал, напоўніўшыся Духам Сьвятым і ўглядаючыся на яго, 10 10. сказаў: «О, сыне д’ябла, поўны ўсякае падступнасьці і ўсякай ліхоты, вораг усякае праведнасьці! Ці не перастанеш ты крывіць простыя шляхі Госпада? 11 11. І вось цяпер рука Госпадава над табою, і будзеш ты сьляпы, ня бачачы сонца да часу». І адразу зыйшлі на яго змрок і цемра, і ён, блукаючыся, шукаў, хто б яго вёў за руку. 12 12. Тады праконсул, убачыўшы, што сталася, паверыў, дзівячыся навуцы Госпадавай. 13 13. А тыя, што з Паўлам, выйшаўшы з Пафу, прыйшлі ў Пэргію ў Памфіліі. Ян жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерусалім. 14 14. А яны, прайшоўшы Пэргію, прыйшлі ў Антыёхію Пісідзкую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботы, паселі. 15 15. А пасьля чытаньня Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх, кажучы: «Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова пацяшэньня для народу, кажыце». 16 16. Павал жа, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: «Мужы Ізраільцяне і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце! 17 17. Бог народу гэтага, Ізраіля, выбраў бацькоў нашых, і ўзьвялічыў народ, калі яны былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай, і ўзьнятым рамяном вывеў іх з яе, 18 18. і на працягу сарака гадоў зносіў іх у пустыні, 19 19. і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаан, даў ім на ўласнасьць зямлю іхнюю. 20 20. І пасьля гэтага каля чатырохсот і пяцідзесяці гадоў даваў судзьдзяў да Самуэля прарока. 21 21. У той час прасілі яны валадара; і даў ім Бог Саўла, сына Кісавага, мужа з калена Бэн’яміна, гадоў на сорак. 22 22. І, адставіўшы яго, паставіў ім за валадара Давіда, пра якога і сказаў, сьведчачы: “Знайшоў Я Давіда, сына Есэя, мужа паводле сэрца Майго, які выканае ўсю волю Маю”. 23 23. З ягонага насеньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Збаўцу Ісуса. 24 24. Перад абліччам прыйсьця Ягонага абвяшчаў Ян хрышчэньне навяртаньня ўсяму народу Ізраіля. 25 25. А калі Ян споўніў бег свой, ён сказаў: “За каго лічыце мяне? Ня я гэта, але, вось, ідзе за мною Той, Якому я ня варты разьвязаць сандалы на нагах”. 26 26. Мужы браты, сыны роду Абрагамавага і тыя сярод вас, якія Бога баяцца! Вам пасланае слова збаўленьня гэтага. 27 27. Бо жыхары Ерусаліму і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і асудзіўшы, споўнілі словы прарокаў, чытаныя кожную суботу, 28 28. і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб Ён быў забіты. 29 29. Калі ж зьдзейсьнілі ўсё, напісанае пра Яго, зьняўшы з дрэва, палажылі ў магілу. 30 30. Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых. 31 31. Ён шмат дзён зьяўляўся тым, якія прыйшлі з Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія ёсьць сьведкамі Яго перад народам. 32 32. І мы вам дабравесьцім, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог споўніў нам, іхнім дзецям, уваскрасіўшы Ісуса, 33 33. як і ў другім псальме напісана: “Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе”. 34 34. А што Ён уваскрасіў Яго з мёртвых, каб Той больш не вярнуўся ў парахненьне, Ён сказаў гэтак: “Дам вам сьвятасьці Давідавыя верныя”. 35 35. Дзеля гэтага і ў іншым [псальме] кажа: “Не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне”. 36 36. Бо Давід, паслужыўшы ў сваім пакаленьні намеру Божаму, памёр і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў парахненьне, 37 37. а Той, Каго Бог уваскрасіў, ня ўбачыў парахненьня. 38 38. Дык няхай будзе вядома вам, мужы браты, што праз Яго прапаведуецца вам адпушчэньне грахоў, 39 39. і ў-ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца ў законе Майсеевым, у Ім апраўдваецца кожны, хто верыць. 40 40. Дык глядзіце, каб не прыйшло на вас сказанае ў прарокаў: 41 41. “Пабачце, вы, якія пагарджаеце, і зьдзівіцеся, і шчэзьніце, бо Я раблю справу ў дні вашыя, справу, якой вы не паверыце, калі хто распавядзе вам”». 42 42. Калі ж яны выходзілі з сынагогі Юдэйскае, прасілі іх пагане, каб і ў наступную суботу гаварылі словы гэтыя. 43 43. А як разыйшлася сынагога, шмат Юдэяў і пабожных празэлітаў пайшлі за Паўлам і Барнабам, якія, размаўляючы з імі, пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай. 44 44. А ў наступную суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае. 45 45. А Юдэі, убачыўшы натоўп, напоўніліся зайздрасьцю і працівіліся таму, што гаварыў Павал, пярэчачы і блюзьнячы. 46 46. А Павал і Барнаба, адважыўшыся, сказалі: «Да вас належала спачатку гаварыць слова Божае. А як вы адкідаеце яго і ня лічыце сябе вартымі жыцьця вечнага, вось, мы паварочваемся да паганаў. 47 47. Бо так загадаў нам Госпад: “Я паставіў цябе як сьвятло для паганаў, каб быў ты на збаўленьне да краю зямлі”». 48 48. А пагане, чуючы гэта, радаваліся і славілі слова Госпадава, і паверылі ўсе, якія былі прызначаныя да жыцьця вечнага. 49 49. І разносілася слова Госпадава праз усю краіну. 50 50. А Юдэі падбухторылі пабожных і паважаных жанчынаў, і першых [людзей] у горадзе, і паднялі перасьлед на Паўла і Барнабу, і выгналі іх з межаў сваіх. 51 51. Яны ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, прыйшлі ў Іконію. 52 52. А вучні былі напоўненыя радасьцю і Духам Сьвятым.