Acts 5 (BNTABOOT)
1 1. А нейкі муж, на імя Ананія, з Сапфіраю, жонкаю сваёю, прадаў маёмасьць сваю, 2 2. і прыхаваў з цаны з ведама жонкі сваёй, і, прынёсшы нейкую частку, палажыў ля ног апосталаў. 3 3. А Пётар сказаў: «Чаму напоўніў шатан сэрца тваё, каб схлусіць Духу Сьвятому ды прыхаваць з цаны за поле? 4 4. Ці ж не тваё было, што ты меў, і праданае ці ж не ў тваёй уладзе было? Навошта ты палажыў рэч гэтую ў сэрца сваё? Ты схлусіў ня людзям, але Богу». 5 5. Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў нежывы. І вялікі страх стаўся на ўсіх, якія чулі гэта. 6 6. А юнакі, устаўшы, узялі яго і, вынесшы, пахавалі. 7 7. Сталася ж гадзіны праз тры, прыйшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася. 8 8. А Пётар спытаўся ў яе: «Скажы мне, ці за гэтулькі аддалі вы поле?» Яна ж сказала: “Так, за гэтулькі”. 9 9. А Пётар сказаў да яе: «Навошта змовіліся вы спакусіць Духа Госпадавага? Вось, пры дзьвярах ногі тых, якія пахавалі мужа твайго, і яны вынясуць цябе». 10 10. Яна ж адразу ўпала ля ног ягоных нежывая. А юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую і, вынесшы, пахавалі каля мужа яе. 11 11. І стаўся вялікі страх на ўсёй царкве і на ўсіх, якія чулі гэта. 12 12. А праз рукі апосталаў рабілася шмат знакаў і цудаў у народзе, і былі ўсе аднадушна ў прысенках Салямонавых. 13 13. А з іншых ніхто не адважваўся прыстаць да іх, але ўзьвялічваў іх народ. 14 14. А тых, што вераць у Госпада, дадавалася яшчэ больш, мноства мужчынаў і жанчынаў, 15 15. так што выносілі хворых на вуліцы і лажылі на ложках і насілках, каб хоць цень Пятра, які ішоў, ацяніў каго з іх. 16 16. Зыйшлося таксама ў Ерусалім мноства з навакольных гарадоў, несучы хворых і апанаваных нячыстымі духамі, якія ўсе былі аздароўленыя. 17 17. А першасьвятар і ўсе, што з ім, якія былі з герэзіі садукейскай, паўстаўшы, напоўніліся зайздрасьцю, 18 18. і ўсклалі рукі свае на апосталаў, і зьмясьцілі іх у вастрог грамадзкі. 19 19. А анёл Госпадаў уначы адчыніў дзьверы вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў: 20 20. «Ідзіце і, стаўшы, гаварыце ў сьвятыні да народу ўсе словы жыцьця гэтага». 21 21. Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі раніцаю ў сьвятыню і навучалі. А першасьвятар і тыя, што з ім, прыйшоўшы, склікалі сынэдрыён і ўсю старшызну сыноў Ізраіля і паслалі ў вязьніцу прывесьці іх. 22 22. Паслугачы ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы і, вярнуўшыся, паведамілі, 23 23. кажучы: «Вязьніцу знайшлі мы замкнёную надзейна і вартаўнікоў, якія звонку стаялі перад дзьвярыма; але, адчыніўшы, усярэдзіне нікога не знайшлі». 24 24. Калі ж пачулі словы гэтыя сьвятар, і начальнік варты сьвятыні, і першасьвятары, зьбянтэжыліся, што б гэта сталася? 25 25. А нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім, кажучы, што вось мужы, якіх вы зьмясьцілі ў вязьніцу, стаяць у сьвятыні і навучаюць народ. 26 26. Тады начальнік варты, пайшоўшы з паслугачамі, прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх. 27 27. А прывёўшы, паставілі іх у сынэдрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар, 28 28. кажучы: «Ці не пагрозамі забаранілі мы вам навучаць пра імя гэтае? І вось, вы напоўнілі Ерусалім навукай вашай і хочаце сьцягнуць на нас кроў Чалавека Гэтага». 29 29. І, адказваючы, Пётар і апосталы сказалі: «Больш трэба слухацца Бога, чым людзей. 30 30. Бог бацькоў нашых уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве. 31 31. Яго, Начальніка і Збаўцу, Бог правіцай Сваёй узвысіў, каб даць Ізраілю навяртаньне і адпушчэньне грахоў. 32 32. І сьведкі Ягоныя на словы гэтыя — мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго». 33 33. Тыя ж, пачуўшы, раз’юшыліся і пастанавілі пазабіваць іх. 34 34. А адзін фарысэй у сынэдрыёне, на імя Гамаліэль, законавучыцель, знаны ўсяму народу, устаўшы, загадаў на трохі [часу] вывесьці апосталаў, 35 35. і сказаў ім: «Мужы Ізраільцяне, сьцеражыцеся адносна людзей гэтых, што маеце ўчыніць. 36 36. Бо перад гэтымі днямі паўстаў Тэўда, кажучы пра сябе як пра некага, і да яго прыстаў лік мужоў каля чатырохсот; ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьцярушыліся і сталіся нічым. 37 37. Пасьля гэтага ў дні перапісу паўстаў Юда Галілеец і пацягнуў за сабою даволі народу; і ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся. 38 38. І цяпер кажу вам: адыйдзіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх; бо калі ад людзей рада гэтая ці справа гэтая, будзе зьнішчаная, 39 39. а калі ад Бога, вы ня здолееце зьнішчыць яе, і каб самі не апынуліся змагарамі з Богам». 40 40. Яны ж паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, зьбіўшы, загадалі ім не гаварыць пра імя Ісуса, і вызвалілі іх. 41 41. Тыя ж пайшлі ад аблічча сынэдрыёна, радуючыся, што сталіся вартымі зьневажэньня за імя Ягонае. 42 42. І кожны дзень у сьвятыні і дома не пераставалі навучаць і дабравесьціць пра Ісуса Хрыста.