Matthew 12 (BIB)
1 Тым часам праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есьці. 2 Фарысэі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу. 3 А Ён сказаў ім: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь Ім? 4 Як ён увайшоў у дом Божы і еў паклбдныя хлябы, якіх нельга было есьці ні яму, ні тым, што зь ім былі, а толькі адным сьятарам? 5 Альбо ці ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвятары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя? 6 Але кажу вам, што тут нешта большае за храм; 7 калі б ведалі вы, што азначае: «міласьці хачу, але не ахвяры», не асудзілі б невінаватых; 8 бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы. 9 І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сынагогу іхнюю. 10 І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? - каб зьвінаваціць Яго. 11 А Ён сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, - калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, - ня возьме і ня выцягне яе? 12 Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць. 13 Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровая, як другая. 14 А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль. 15 І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх 16 і забараніў ім расказваць пра Яго: 17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: 18 «Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Духа Майго на Яго і Ён суд народам абвесьціць; 19 не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Ягонага; 20 трысьціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі; 21 і на імя Ягонае будуць спадзявацца народы». 22 Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць. 23 І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў? 24 А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім. 25 Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць. 26 І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае? 27 І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць. 28 Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае. 29 Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе? 30 Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае. 31 Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям; 32 калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым. 33 Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца. 34 Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць. 35 Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое. 36 Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны; 37 бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся. 38 Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысэі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе азнаку ўбачыць. 39 Ён ім сказаў у адказ: род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока; 40 бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. 41 Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёнаву; і вось, тут больш за Ёну. 42 Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона. 43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць; 44 тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае пусты, падмецены і прыбраны; 45 тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому. 46 Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім. 47 І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою. 48 Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае? 49 І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае; 50 бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.