Matthew 12 (BNTABOOT)
1 1. У той час праходзіў Ісус у суботу праз палеткі. Вучні ж Ягоныя былі галодныя і пачалі зрываць каласы і есьці. 2 2. А фарысэі, убачыўшы гэтае, сказалі Яму: «Вось, вучні Твае робяць, што ня сьлед рабіць у суботу». 3 3. Ён жа сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім? 4 4. Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, якіх не належала есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі адным сьвятарам? 5 5. Альбо ці не чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, і бязьвінныя? 6 6. Кажу ж вам, што тут ёсьць большы за сьвятыню. 7 7. Калі б вы разумелі, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б бязьвінных. 8 8. Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы». 9 9. І, адыйшоўшы адтуль, Ён увайшоў у сынагогу іхнюю. 10 10. І вось, быў чалавек, які меў сухую руку. І спыталіся ў Яго, каб абвінаваціць Яго, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?» 11 11. Ён жа сказаў ім: «Ці ёсьць сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, ці ня возьме ён яе і ня выцягне? 12 12. Дык на колькі чалавек лепшы за авечку? Так што можна ў суботу рабіць дабро». 13 13. Тады кажа таму чалавеку: «Выцягні руку тваю!» І той выцягнуў, і зрабілася яна здаровая, як другая. 14 14. А фарысэі, выйшаўшы, учынілі нараду супраць Яго, каб Яго загубіць. 15 15. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль; і пайшлі за Ім вялікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх усіх. 16 16. І забараніў ім, каб не выяўлялі Яго, 17 17. каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: 18 18. «Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюбёны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд. 19 19. Ня будзе сварыцца, ані крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго. 20 20. Трысьціны надламанай не пераломіць і лёну, што дыміцца, не загасіць, пакуль ня дасьць суду перамогі. 21 21. І на імя Ягонае будуць спадзявацца народы». 22 22. Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога, і Ён аздаравіў яго, так што сьляпы і нямы стаў і гаварыць, і бачыць. 23 23. І дзівіліся ўсе натоўпы, і казалі: «Ці ня гэта Сын Давідаў?» 24 24. А фарысэі, пачуўшы, казалі: «Ён выганяе дэманаў не іначай, як праз Бэльзэбула, князя дэманаў». 25 25. А Ісус, ведаючы думкі іхнія, сказаў ім: «Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее; і ўсякі горад ці дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць. 26 26. І калі шатан шатана выганяе, ён разьдзяліўся сам у сабе. Як можа ўстаяць валадарства ягонае? 27 27. І, калі Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вам судзьдзямі. 28 28. А калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыцца, дасягнула вас Валадарства Божае. 29 29. Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць рэчы ягоныя, калі раней ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны. 30 30. Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той раскідвае. 31 31. Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства будзе адпушчана людзям, а блюзьнерства на Духа ня будзе адпушчана людзям. 32 32. І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе адпушчана яму; а калі хто скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе адпушчана яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым. 33 33. Або ўчыніце дрэва добрым і плод ягоны добрым, або ўчыніце дрэва благім і плод ягоны благім, бо дрэва пазнаецца паводле пладоў. 34 34. Спараджэньне яхідны! Як вы можаце гаварыць добрае, калі вы злыя? Бо з перапоўненага сэрца гавораць вусны. 35 35. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу выносіць злое. 36 36. Кажу ж вам, што ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, аддасцца ім у дзень суду. 37 37. Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны». 38 38. Тады адказалі некаторыя з кніжнікаў і фарысэяў, кажучы: «Настаўнік! Хочам бачыць ад Цябе знак». 39 39. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Пакаленьне злое і чужаложнае шукае знакаў, і знакі ня будуць дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока. 40 40. Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. 41 41. Нініўцы ўстануць на суд з пакаленьнем гэтым і асудзяць яго, бо яны навярнуліся праз пропаведзь Ёны; і вось, тут большы за Ёну. 42 42. Валадарка з Поўдня паўстане на суд з пакаленьнем гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; і вось, тут большы за Салямона. 43 43. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і не знаходзіць. 44 44. Тады кажа: “Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў”. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным. 45 45. Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і для чалавека таго апошняе стаецца горш за першае. Так будзе і з гэтым пакаленьнем злым». 46 46. Калі ж Ён яшчэ гаварыў да натоўпаў, вось, маці і браты Ягоныя сталі вонкі, шукаючы гаварыць з Ім. 47 47. А нехта сказаў Яму: «Вось маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, шукаючы гаварыць з Табою». 48 48. Ён жа, адказваючы, сказаў таму, які гаварыў з Ім: «Хто маці Мая, і хто браты Мае?» 49 49. І, выцягнуўшы руку Сваю на вучняў Сваіх, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае. 50 50. Бо хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе, той Мне брат, і сястра, і маці».