Matthew 18 (BNTABOOT)
1 1. У тую гадзіну падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы: «Дык хто большы ў Валадарстве Нябесным?» 2 2. І, паклікаўшы дзіцятка, Ісус паставіў яго пасярод іх 3 3. і сказаў: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і ня станецеся, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. 4 4. Дык хто панізіць сябе, як гэтае дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным. 5 5. І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прыймае. 6 6. А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб павесілі млынавы камень на шыю ягоную і ўтапілі яго ў глыбіні мора. 7 7. Гора сьвету ад згаршэньняў, бо патрэбна, каб прыйшлі згаршэньні; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць згаршэньне. 8 8. Калі ж рука твая ці нага твая горшыць цябе, адсячы іх і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгавым ці калекаю, чым, маючы дзьве рукі або дзьве нагі, быць укінутым у агонь вечны. 9 9. І калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную. 10 10. Глядзіце, не пагарджайце ані адным з малых гэтых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага. 11 11. Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб збавіць тое, што загінула. 12 12. Як вы думаеце, калі б нейкі чалавек меў сто авечак, і адна з іх заблукала, ці, пакінуўшы дзевяноста дзевяць у гарах, ня пойдзе ён шукаць тую, што заблукала? 13 13. І, калі станецца, што знойдзе яе, сапраўды кажу вам: ён узрадуецца з яе больш, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі. 14 14. Гэтак няма волі Айца вашага, Які ў небе, каб загінуў адзін з малых гэтых. 15 15. Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго між табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, ты здабыў брата твайго. 16 16. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьведак змацавалася ўсякае слова. 17 17. Калі ж не пачуе, скажы царкве, а калі і царквы не пачуе, няхай будзе ён табе, як паганін і мытнік. 18 18. Сапраўды кажу вам: усё, што вы зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана ў небе. 19 19. Ізноў кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодзяцца адносна любой справы, дык што ні папросяць, станецца ім ад Айца Майго, Які ў небе. 20 20. Бо дзе двое або трое сабраныя дзеля імя Майго, там Я сярод іх». 21 21. Тады Пётар, падыйшоўшы да Яго, сказаў: «Госпадзе! Колькі разоў брат мой будзе грашыць супраць мяне, і я дарую яму? Ці да сямі разоў?» 22 22. Кажа яму Ісус: «Не кажу табе: да сямі, але да сямідзесяці разоў па сем. 23 23. Дзеля гэтага Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які захацеў разрахавацца са слугамі сваімі. 24 24. Калі ж пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў дзесяць тысячаў талентаў. 25 25. А як ня меў што аддаць, пан ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць. 26 26. Тады слуга той, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: “Пане! Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё табе аддам”. 27 27. Пан, зьлітаваўшыся над слугою тым, адпусьціў яго і дараваў яму пазыку. 28 28. А слуга той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”. 29 29. Тады таварыш ягоны, упаўшы да ног яго, прасіў яго, кажучы: “Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё аддам табе”. 30 30. А той не захацеў, але адыйшоўшы, кінуў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу. 31 31. Таварышы ягоныя, убачыўшы, што сталася, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, паведамілі пану свайму ўсё, што сталася. 32 32. Тады пан ягоны, паклікаўшы яго, кажа яму: “Злы слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты прасіў мяне. 33 33. Ці ж ня мусіў і ты зьлітавацца над таварышам тваім, як і я зьлітаваўся над табою?” 34 34. І, загневаўшыся, пан ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу. 35 35. Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі не даруе кожны з вас ад сэрца свайго брату свайму грахоў ягоных».