Matthew 22 (BNTABOOT)
1 1. І, адказваючы, Ісус зноў гаварыў з імі ў прыповесьцях, кажучы: 2 2. «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які справіў вясельле для сына свайго. 3 3. І ён паслаў слугаў сваіх клікаць пакліканых на вясельле; і тыя не хацелі прыйсьці. 4 4. Зноў паслаў ён іншых слугаў, кажучы: “Скажыце пакліканым: Вось, я падрыхтаваў бяседу маю, валы мае і, што ўкормлена, зарэзаны, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вясельле”. 5 5. А яны, ня дбаючы на тое, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да свайго гандлю. 6 6. А іншыя, узяўшы слугаў ягоных, зьняважылі іх і забілі. 7 7. Пачуўшы пра гэтае, валадар загневаўся і, паслаўшы жаўнераў сваіх, выгубіў забойцаў тых, і горад іхні спаліў. 8 8. Тады кажа ён слугам сваім: “Сапраўды, вясельле падрыхтаванае, але пакліканыя не былі вартыя. 9 9. Дык пайдзіце на ростані дарог, і ўсіх, каго знойдзеце, клічце на вясельле”. 10 10. І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, злых і добрых; і на вясельлі было поўна гасьцей. 11 11. Увайшоўшы ж пабачыць тых, што ўзьлягалі, валадар убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельнае адзеньне, 12 12. і кажа яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, ня маючы вясельнага адзеньня?” Той жа маўчаў. 13 13. Тады сказаў валадар слугам: “Зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў. 14 14. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных”». 15 15. Тады, пайшоўшы, фарысэі зрабілі нараду, як злавіць Яго ў словах. 16 16. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: «Настаўнік! Мы ведаем, што Ты праўдзівы і пра шлях Божы паводле праўды навучаеш, і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на аблічча людзей. 17 17. Дык скажы нам, як Ты думаеш, ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не?» 18 18. А Ісус, разумеючы зласьлівасьць іхнюю, сказаў: «Чаму спакушаеце Мяне, крывадушнікі? 19 19. Пакажыце Мне манэту для даніны». Яны ж прынесьлі Яму дынар. 20 20. І кажа ім: «Чый гэта вобраз і надпіс?» 21 21. Кажуць Яму: «Цэзара». Тады кажа ім: «Дык аддавайце тое, што цэзара, цэзару, а што Божае, — Богу». 22 22. І, пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся, і, пакінуўшы Яго, адыйшлі. 23 23. У той дзень падыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго: 24 24. «Настаўнік, Майсей сказаў: “Калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, брат ягоны няхай возьме жонку ягоную і адновіць насеньне брату свайму”. 25 25. Было ж у нас сем братоў, і першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы насеньня, пакінуў жонку сваю брату свайму. 26 26. Таксама і другі, і трэці, аж да сёмага. 27 27. Пасьля ўсіх памерла і жонка. 28 28. Дык пры ўваскрасеньні якога з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе мелі яе». 29 29. Адказваючы, Ісус сказаў ім: «Вы памыляецеся, ня ведаючы ані Пісаньня, ані моцы Божае. 30 30. Бо пры ўваскрасеньні ані жэняцца, ані замуж выходзяць, але будуць як анёлы Божыя ў небе. 31 31. А наконт уваскрасеньня мёртвых, ці не чыталі вы сказанага вам Богам, Які кажа: 32 32. “Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба!” Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых». 33 33. І, пачуўшы, натоўпы дзівіліся з навукі Ягонай. 34 34. А фарысэі, пачуўшы, што Ён прымусіў змоўкнуць садукеяў, сабраліся супраць Яго. 35 35. І спытаўся адзін з іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы: 36 36. «Настаўнік, якое найбольшае прыказаньне ў Законе?» 37 37. А Ісус сказаў яму: «“Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім”. 38 38. Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне. 39 39. Другое ж падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”. 40 40. На гэтых двух прыказаньнях трымаецца ўвесь Закон і Прарокі». 41 41. А ў фарысэяў, якія сабраліся, Ісус спытаўся, 42 42. кажучы: «Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?» Кажуць Яму: «Давіда». 43 43. Кажа ім: «Як жа Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы: 44 44. “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”. 45 45. Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён — сын ягоны?» 46 46. І ніхто ня змог адказаць Яму ані слова; і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго.