Luke 23 (BNTABOOT)
1 1. І, падняўшыся, усё мноства іх павяло Яго да Пілата. 2 2. І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Гэтага знайшлі мы, што Ён псуе народ і забараняе плаціць падаткі цэзару, называючы Сябе Хрыстом Валадаром». 3 3. А Пілат спытаўся ў Яго, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ён жа, адказваючы яму, прамовіў: «Ты кажаш». 4 4. А Пілат сказаў першасьвятарам і натоўпам: «Я не знаходжу аніякае віны ў гэтым Чалавеку». 5 5. А яны настойвалі, кажучы, што Ён падбухторвае народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль. 6 6. Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: «Ці ж гэты Чалавек — Галілеец?» 7 7. І, даведаўшыся, што Ён з-пад улады Ірада, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў у Ерусаліме. 8 8. А Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно хацеў убачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць нейкі знак, які Ён учыніць. 9 9. І пытаўся ў Яго многімі словамі, а Ён нічога не адказваў яму. 10 10. А першасьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы Яго. 11 11. Ірад жа з жаўнерамі сваімі, пагардзіўшы Ім і пазьдзекваўшыся з Яго, апрануў Яго ў сьветлае адзеньне і паслаў Яго да Пілата. 12 12. І сталіся ў той дзень Пілат і Ірад сябрамі, бо раней мелі варожасьць між сабою. 13 13. Пілат жа, склікаўшы першасьвятароў, і начальнікаў, і народ, 14 14. сказаў ім: «Вы прывялі да мяне Чалавека гэтага, як таго, хто адварочвае народ; і вось я, пры вас дапытваючы, не знайшоў у Чалавеку гэтым ніякай віны, у якой вы Яго абвінавачваеце. 15 15. І таксама Ірад, бо я пасылаў вас да яго, і вось, нічога ня знойдзена ў Ім, вартага сьмерці. 16 16. Таму, пакараўшы Яго, вызвалю». 17 17. А яму трэба было на сьвята вызваліць ім аднаго [вязьня]. 18 18. А ўсё мноства закрычала, кажучы: «Вазьмі Яго! А нам вызвалі Бараббу!» 19 19. А той быў кінуты ў вязьніцу за паўстаньне, якое ён учыніў у горадзе, і забойства. 20 20. Тады Пілат ізноў прамовіў, хочучы вызваліць Ісуса. 21 21. А яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» 22 22. Ён жа трэці раз сказаў ім: «Якое зло Ён учыніў? Аніякай сьмяротнай віны я не знайшоў у Ім; дык пакараўшы Яго, вызвалю». 23 23. Яны ж дамагаліся моцным голасам, просячы, каб Яго ўкрыжавалі. І перамаглі галасы іхнія і першасьвятароў. 24 24. І Пілат прысудзіў, каб сталася паводле просьбы іхняй: 25 25. вызваліў ім таго, хто за паўстаньне і забойства быў кінуты ў вязьніцу, якога яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю. 26 26. І як вялі Яго, узяўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам. 27 27. А за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчынаў, якія плакалі і галасілі па Ім. 28 28. Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі Ерусалімскія! Ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых, 29 29. бо вось прыходзяць дні, калі скажуць: “Шчасьлівыя няплодныя, і чэравы, якія не нараджалі, і грудзі, якія не кармілі”. 30 30. Тады пачнуць гаварыць горам: “Упадзіце на нас”, і ўзгоркам: “Прыкрыйце нас!” 31 31. Бо калі з зялёным дрэвам гэтае робяць, дык з сухім што станецца?» 32 32. Вялі ж з Ім на сьмерць і двух іншых злачынцаў. 33 33. І калі прыйшлі на месца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, а другога — з левага боку. 34 34. Ісус жа сказаў: «Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць». А тыя, што дзялілі шаты Ягоныя, кінулі жэрабя. 35 35. І стаяў народ, гледзячы. Насьмяхаліся ж разам з імі і начальнікі, кажучы: «Другіх збаўляў, няхай жа Сябе Самога збавіць, калі Ён — Хрыстос, Выбранец Божы». 36 36. Зьдзекваліся з Яго і жаўнеры, падыходзячы, і прыносячы Яму воцат, 37 37. і кажучы: «Калі Ты — Валадар Юдэйскі, збаў Сябе Самога». 38 38. І быў над Ім надпіс, напісаны пісаньнямі грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі: «Гэта — Валадар Юдэйскі». 39 39. Адзін з павешаных злачынцаў блюзьніў на Яго, кажучы: «Калі Ты — Хрыстос, збаў Сябе і нас». 40 40. Адказваючы, другі забараняў яму, кажучы: «Ці ж ты не баішся Бога, бо і сам маеш такі самы прысуд? 41 41. І мы сапраўды справядліва, бо атрымалі вартае таго, што мы зрабілі, а Ён нічога благога не зрабіў». 42 42. І сказаў Ісусу: «Узгадай пра мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!» 43 43. І сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: сёньня будзеш са Мною ў раі». 44 44. А было каля шостае гадзіны, і сталася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае, 45 45. і зацьмілася сонца, і заслона ў бажніцы была разьдзертая пасярэдзіне. 46 46. І ўсклікнуўшы моцным голасам, Ісус сказаў: «Ойча, у рукі Твае аддаю Дух Мой». І, сказаўшы гэтае, аддаў духа. 47 47. Сотнік жа, убачыўшы ўсё, што сталася, праславіў Бога, кажучы: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў праведнік». 48 48. І ўвесь натоўп, які зграмадзіўся на гэта відовішча, бачачы, што здарылася, варочаўся, б’ючы сябе ў грудзі. 49 49. А ўсе знаёмыя з Ім і жанчыны, якія ішлі за Ім з Галілеі, стаялі здалёк, гледзячы на гэта. 50 50. І вось чалавек на імя Язэп, які быў ратманам, чалавек добры і праведны, 51 51. які не згаджаўся з радай і ўчынкам іхнім, з Арыматэі, гораду Юдэйскага, які таксама чакаў Валадарства Божага, 52 52. прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса, 53 53. і, зьняўшы Яго, абкруціў палатнінаю і палажыў Яго ў магіле, якая была высечаная ў скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пахованы. 54 54. Дзень быў днём прыгатаваньня, і надыходзіла субота. 55 55. І жанчыны, што былі прыйшоўшы з Ім з Галілеі, пайшлі глядзець магілу і як было пакладзена цела Ягонае. 56 56. А вярнуўшыся, падрыхтавалі духмянасьці і міра. І ў суботу супачывалі паводле прыказаньня.