Mark 12 (BNTABOOT)
1 1. І пачаў гаварыць да іх у прыповесьцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў. 2 2. І паслаў у свой час да вінаградараў слугу, каб узяў у вінаградараў пладоў з вінаградніку. 3 3. Яны ж, схапіўшы яго, зьбілі і выправілі ні з чым. 4 4. І зноў паслаў да іх іншага слугу, і тому камянямі разьбілі галаву, і выправілі, зьняважыўшы. 5 5. І зноў паслаў іншага, і яго забілі, і многіх іншых адных білі, другіх забівалі. 6 6. Дык маючы яшчэ адзінага сына, улюбёнага свайго, урэшце паслаў і яго да іх, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”. 7 7. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Пойдзем, заб’ем яго, і нашаю будзе спадчына”. 8 8. І, схапіўшы яго, забілі, і выкінулі з вінаградніку. 9 9. Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым. 10 10. Няўжо вы не чыталі гэтага Пісаньня: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла. 11 11. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”». 12 12. І шукалі схапіць Яго, але баяліся натоўпу, бо ведалі, што пра іх сказаў гэтую прыповесьць. І, пакінуўшы Яго, адыйшлі. 13 13. І пасылаюць да Яго некаторых з фарысэяў і ірадыянаў, каб злавіць Яго на слове. 14 14. Яны, прыйшоўшы, гавораць Яму: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на абліччы людзей, але шляху Божаму паводле праўды навучаеш. Ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?» 15 15. А Ён, ведаючы крывадушнасьць іхнюю, сказаў ім: «Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб Я пабачыў». 16 16. Яны прынесьлі. І гаворыць ім: «Чый гэта вобраз і надпіс?» Яны сказалі Яму: «Цэзараў». 17 17. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а што Божае, — Богу». І зьдзіўляліся з Яго. 18 18. І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы: 19 19. «Настаўнік, Майсей напісаў нам: “Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны мае ўзяць жонку яго і адновіць насеньне брату свайму”. 20 20. Было сем братоў, і першы ўзяў жонку, і, паміраючы, не пакінуў насеньня. 21 21. І другі ўзяў яе, і памёр, і не пакінуў насеньня, і трэці гэтак сама. 22 22. І бралі яе сямёра, і не пакінулі насеньня. Пасьля ўсіх памерла і жанчына. 23 23. Дык пры ўваскрасеньні, калі яны ўваскрэснуць, якога з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку». 24 24. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што ня ведаеце ані Пісаньня, ані моцы Божай? 25 25. Бо калі ўвасрэснуць з мёртвых, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы, якія ў небе. 26 26. А пра мёртвых, што яны ўстануць, ці ж вы не чыталі ў кнізе Майсея, як Бог з куста сказаў да яго, кажучы: “Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба?” 27 27. Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых! Таму вы моцна памыляецеся». 28 28. І адзін з кніжнікаў, падыйшоўшы і пачуўшы, як яны пыталіся, і бачачы, што добра ім адказаў, спытаўся ў Яго: «Якое першае з усіх прыказаньняў?» 29 29. Ісус адказаў яму: «Першае з усіх прыказаньняў: “Слухай, Ізраіль! Госпад, Бог наш — Госпад адзіны”, 30 30. і: “Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам сваім, усёю душой тваёй, усім разуменьнем тваім і ўсёю моцаю сваёю”. 31 31. І другое, падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго як самога сябе”. Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма». 32 32. І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага апрача Яго, 33 33. і любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душою ды ўсёю моцаю, і любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэласпаленьні і ахвяры». 34 34. І Ісус, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважваўся пытацца ў Яго. 35 35. І, адказваючы, гаварыў Ісус, навучаючы ў сьвятыні: «Чаму кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда? 36 36. Бо сам Давід сказаў праз Духа Сьвятога: “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”. 37 37. Сам Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — сын ягоны?» І вялізарны натоўп з ахвотай слухаў Яго. 38 38. І гаварыў ім у навуцы Сваёй: «Паглядзіце на кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах і прывітаньні на рынку, 39 39. і першыя месцы ў сынагогах, і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах, 40 40. якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд». 41 41. І Ісус, сеўшы насупраць скарбніцы, глядзеў, як натоўп кідае медзь у скарбніцу. І многія багатыя кідалі шмат. 42 42. І, прыйшоўшы, адна ўбогая ўдава кінула дзьве лепты, гэта значыць кадрант. 43 43. І, паклікаўшы вучняў Сваіх, Ён гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбніцу. 44 44. Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а яна з нястачы сваёй укінула ўсё, што мела, усё сваё ўтрыманьне».