John 11 (BIB)
1 Быў хворы нехта Лазар зь Віфаніі, зь селішча, дзе жылі Марыя і Марфа, сястра ейная. 2 А Марыя, чый брат Лазар быў хворы, была тая самая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Яму валасамі сваімі. 3 Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! той, каго Ты любіш, хворы. 4 Ісус, пачуўшы, сказаў: гэта хвароба не да сьмерці, а на славу Божую, хай праславіцца празь яе Сын Божы. 5 А Ісус любіў Марфу і сястру яе і Лазара. 6 Калі ж пачуў, што ён хворы, прабыў два дні на тым месцы, дзе быў. 7 Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем зноў у Юдэю. 8 Вучні сказалі Яму: Равьві! ці даўно Юдэі намышлялі пабіць Цябе камянямі, і Ты зноў ідзеш туды? 9 Ісус адказваў: ці не дванаццаць гадзін у дні? хто ходзіць удзень, той не спатыкаецца, бо ён бачыць сьвятло сьвету гэтага; 10 а хто ходзіць поначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла зь ім. 11 Сказаўшы гэта, кажа ім потым: Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго. 12 Вучні Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, дык выздаравее. 13 Ісус казаў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сон звычайны. 14 Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр; 15 і радуюся за вас, што Мяне ня было там, каб цяпер уверавалі; але пойдзем да яго. 16 Тады Тамаш, інакш называны Блізьнюк, сказаў вучням: пойдзем і мы памрэм зь ім. 17 Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле. 18 А Віфанія была непадалёк ад Ерусаліма, стадыяў за пятнаццаць, 19 і многія Юдэі прыйшлі да Марфы і Марыі - суцешыць іх у смутку па браце іхнім. 20 Марфа, пачуўшы, што ідзе Ісус, пайшла насустрач Яму; а Марыя сядзела дома. 21 Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой; 22 але і цяпер ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог. 23 Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой. 24 Марфа сказала Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрэсеньні, у апошні дзень. 25 Ісус сказаў ёй: Я - уваскрэсеньне і жыцьцё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, - ажыве; 26 і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вавекі. Ці верыш у гэта? 27 Яна кажа Яму: веру, Госпадзе! я веру, што Ты Хрыстос Сын Божы, Які прыйшоў у сьвет. 28 Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала ўпотай Марыю, сястру сваю, кажучы: Настаўнік тут і кліча цябе. 29 Яна, як толькі пачула, пасьпешліва ўстала і пайшла да Яго. 30 Ісус яшчэ не ўваходзіў у селішча, але быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа. 31 Юдэі, якія былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, што Марыя пасьпешліва ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да магілы - плакаць там. 32 А Марыя, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, упала да ног Ягоных і сказала Яму: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой. 33 Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся, 34 і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі. 35 Ісус заплакаў сьлязьмі. 36 Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго! 37 А некаторыя зь іх сказалі: хіба ня мог Гэты, Які адамкнуў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр? 38 А Ісус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй. 39 Ісус кажа: адымеце камень. Сястра памерлага, Марфа, кажа Яму: Госпадзе! ужо сьмярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле. 40 Ісус кажа ёй: ці не сказаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? 41 І вось аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. А Ісус узьвёў вочы да неба і сказаў: Войча! дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне; 42 Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне; але сказаў гэта людзям, што стаяць тут, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. 43 Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам: Лазар! выходзь. 44 І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе. 45 Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго; 46 а некаторыя зь іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус. 47 Тады першасьвятары і фарысэі сабралі нараду і казалі: што нам рабіць? Гэты Чалавек многа цудаў творыць: 48 калі пакінем Яго так, дык усе ўверуюць у Яго, - і прыйдуць Рымляне і забяруць і месца наша і народ. 49 А адзін зь іх, нехта Каяфа, які быў на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце; 50 падумайце, што лепей нам: каб адзін чалавек памёр за людзей, ці каб увесь народ загінуў. 51 Сказаў жа ён гэта не ад сябе, а як што быў на той год першасьвятаром, прадказаў, што Ісус памрэ за народ, 52 і ня толькі за народ, а каб і расьсеяных дзяцей Божых сабраць усіх разам. 53 З гэтага дня пастанавілі забіць Яго. 54 Таму Ісус ужо больш не хадзіў адкрыта паміж Юдэяў, а пайшоў адтуль у краіну паблізу пустыні, у горад, што называўся Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі. 55 Блізілася Пасха Юдэйская, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерусалім перад Пасхаю, каб там ачысьціцца. 56 Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў храме, казалі адзін аднаму: як вы думаеце? ці ня прыйдзе Ён на сьвята? 57 А першасьвятары і фарысэі далі загад, што, калі хто даведаецца, дзе Ён будзе, наказалі б, каб узяць Яго.