John 11 (BNTABOOT)
1 1. Быў жа нейкі хворы Лазар з Бэтаніі, мястэчка Марыі і Марты, сястры ейнай. 2 2. А Марыя, якой брат Лазар быў хворы, была тая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі. 3 3. Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе! Вось той, з кім Ты сябруеш, нядужы». 4 4. Ісус, пачуўшы, сказаў: «Гэтая нядужасьць не на сьмерць, але на славу Божую, каб Сын Божы быў праслаўлены праз яе». 5 5. А Ісус любіў Марту, і сястру ейную, і Лазара. 6 6. Калі ж пачуў, што той хворы, дык заставаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся. 7 7. Пасьля гэтага кажа вучням: «Пойдзем ізноў у Юдэю». 8 8. Вучні кажуць Яму: «Раббі! Толькі што Юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?» 9 9. Ісус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзінаў мае дзень? Хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету, 10 10. а хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо сьвятла няма ў ім». 11 11. Сказаў гэта, і пасьля кажа ім: «Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго». 12 12. Сказалі тады вучні Ягоныя: «Госпадзе! Калі заснуў, будзе здаровы». 13 13. Ісус жа гаварыў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сонны супачынак. 14 14. Тады Ісус сказаў ім адкрыта: «Лазар памёр; 15 15. і Я радуюся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго». 16 16. Тады Тамаш, называны Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці з ім». 17 17. Прыйшоўшы, Ісус знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле. 18 18. Бэтанія ж была блізка ад Ерусаліму, нешта з пятнаццаць стадыяў. 19 19. І шмат Юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі пацешыць іх па браце іхнім. 20 20. Марта, калі пачула, што ідзе Ісус, выйшла напярэймы Яму, а Марыя сядзела ў доме. 21 21. Тады Марта сказала Ісусу: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой. 22 22. Але і цяпер ведаю, што чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог». 23 23. Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсьне брат твой». 24 24. Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрасеньне, у апошні дзень». 25 25. Ісус сказаў ёй: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе. 26 26. І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на вякі. Ці верыш гэтаму?» 27 27. Яна кажа Яму: «Так, Госпадзе! Я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет». 28 28. І, сказаўшы гэтае, пайшла і паклікала цішком Марыю, сястру сваю, кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе». 29 29. Яна, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго. 30 30. Ісус жа яшчэ не ўвайшоў у мястэчка, але быў на тым месцы, дзе пераняла Яго Марта. 31 31. Юдэі ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што ідзе на магілу плакаць там. 32 32. Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Ягоных, кажучы Яму: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой». 33 33. Ісус, калі ўбачыў, што яна плача і што плачуць Юдэі, якія з ёй прыйшлі, уздыхнуў у духу, і ўсхваляваўся, 34 34. і сказаў: «Дзе вы палажылі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе! Прыйдзі і паглядзі». 35 35. Ісус заплакаў. 36 36. Казалі тады Юдэі: «Глядзі, як Ён любіў яго». 37 37. А некаторыя з іх сказалі: «Ці ня мог Ён, Які адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?» 38 38. Ісус жа, ізноў уздыхнуўшы ў духу, прыходзіць да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. 39 39. Кажа Ісус: «Падніміце камень!» Кажа Яму сястра нябожчыка, Марта: «Госпадзе, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзень». 40 40. Кажа ёй Ісус: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзіш славу Божую?» 41 41. Тады паднялі камень, дзе ляжаў нябожчык. А Ісус падняў вочы ўгору і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. 42 42. Бо Я ведаю, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але Я сказаў дзеля натоўпу, які тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне». 43 43. І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: «Лазар! Выйдзі вонкі!» 44 44. І выйшаў нябожчык са зьвязанымі пахавальнай тканінай нагамі і рукамі, і твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: «Разьвяжыце яго і дайце хадзіць». 45 45. Тады многія з Юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Ісус, паверылі ў Яго. 46 46. А некаторыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус. 47 47. Тады першасьвятары і фарысэі склікалі сынэдрыён і казалі: «Што нам рабіць? Гэты Чалавек робіць шмат знакаў. 48 48. Калі пакінем Яго гэтак, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і забяруць месца [гэтае] і народ». 49 49. Адзін жа з іх, нехта Каяфа, які быў той год першасьвятаром, сказаў ім: «Вы нічога ня ведаеце, 50 50. і ня думаеце, што карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым каб увесь народ загінуў». 51 51. Гэтае ж ён сказаў не ад сябе, але, быўшы той год першасьвятаром, прарочыў, што Ісус мае памерці за народ, 52 52. і ня толькі за народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у вадно. 53 53. Ад гэтага дня яны пастанавілі, каб забіць Яго. 54 54. Тады Ісус ужо не хадзіў адкрыта між імі, але пайшоў адтуль у краіну ля пустыні, у горад, называны Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі. 55 55. Была ж блізка Пасха юдэйская, і з усяго Краю многія ўзыйшлі ў Ерусалім перад Пасхай, каб ачысьціцца. 56 56. Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў сьвятыні, гаварылі між сабою: «Як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?» 57 57. А першасьвятары і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб схапіць Яго.