John 19 (BIB)
1 Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў біць Яго. 2 І воіны, сплёўшы вянок цярновы, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яго ў пурпуру, 3 і казалі: радуйся, Цару Юдэйскі! І білі яго па шчоках. 4 Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны. 5 Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку і ў пурпуры. І сказаў ім Пілат: вось, Чалавек! 6 Калі ж убачылі Яго першасьвятары і служкі, дык закрычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны. 7 Юдэі адказвалі яму: мы маем закон, і паводле закона нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым. 8 Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш напалохаўся, 9 і зноў увайшоў у прэторыю, і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус ня даў яму адказу. 10 Пілат кажа Яму: мне не адказваеш? ці ня ведаеш, што я маю ўладу Цябе крыжаваць і ўладу маю Цябе адпусьціць? 11 Ісус адказваў: ты ня меў бы над Мною ніякае ўлады, калі б ня было дадзена табе зьверху; таму большы грэх на тым, хто перадаў Мяне табе. 12 З гэтага часу Пілат намагаўся адпусьціць Яго. А Юдэі крычалі: калі адпусьціш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца кесару. 13 Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса і сеў на судзілішчы, на месцы, якое называецца Ліфастратон, а па-Габрэйску Гаввафа. 14 Тады была пятніца перад Пасхаю, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Юдэям: вось, Цар ваш! 15 Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: каб Цара вашага крыжаваць? Першасьвятары адказвалі: няма ў нас цара апроч кесара. 16 Тады нарэшце ён аддаў Яго ім на крыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі. 17 І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Лобным, па-Габрэйску Галгофа; 18 там укрыжавалі Яго і зь Ім двух іншых, па адзін і па другі бок, а пасярэдзіне Ісуса. 19 А Пілат напісаў і надпіс паставіў на крыжы. Напісана было: Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі. 20 Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад горада, і напісана было па-Габрэйску, па-Грэцку, па-Рымску. 21 А першасьвятары Юдэйскія сказалі Пілату: ня пішы: Цар Юдэйскі, а што Ён казаў: Я Цар Юдэйскі. 22 Пілат адказваў: што я напісаў, тое напісаў. 23 А воіны, калі ўкрыжавалі Ісуса, пабралі адзежу Ягоную і падзялілі на чатыры долі, кожнаму воіну доля, і хітон; а хітон быў не пашыты, а ўвесь тканы зьверху. 24 І вось сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем на яго жэрабя, чый будзе; - хай збудзецца сказанае ў Пісаньні: «падзялілі рызы Мае між сабою і за адзежу Маю кідалі жэрабя». Так учынілі воіны. 25 Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная, і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава, і Марыя Магдаліна. 26 Ісус, убачыўшы Маці і вучня, які тут стаяў, якога любіў, кажа Маці Сваёй: Жанчына! вось, сын Твой. 27 Потым кажа вучню: вось, Маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе. 28 Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё сталася, каб збылося Пісаньне, кажа: піць. 29 Тут стаяў посуд, поўны воцату. Воіны, намачыўшы воцатам губку і накалоўшы на ісоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных. 30 І калі Ісус скаштаваў воцату, сказаў: збылося! І нахіліўшы галаву, аддаў дух. 31 Але як што тады была пятніца, дык Юдэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць іх. 32 І вось, прыйшлі воіны, і ў першага перабілі галені, і ў другога, укрыжаванага зь Ім; 33 а, падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў яго галені, 34 а адзін воін кап'ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада. 35 І хто бачыў, засьведчыў, і праўдзівае сьведчаньне ягонае; ён ведае, што кажа ў ісьціне, каб вы паверылі; 36 бо гэта сталася, хай збудзецца Пісаньне: «косьць Ягоная хай ня будзе зламана». 37 Гэтак сама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: «паглядзяць на Таго, Каго працялі». 38 Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, вучань Ісуса, але тайны - ад страху перад Юдэямі, прасіў у Пілата, каб зьняць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Той пайшоў і зьняў Цела Ісусава. 39 Прыйшоў таксама і Мікадым, які прыходзіў раней да Ісуса ўначы, і прынёс сумесь з альясу і сьмірны, літраў каля ста. 40 І вось, узялі яны Цела Ісусавае і ўгарнулі яго ў палатно з пахошчамі, як звычайна хаваюць Юдэі. 41 На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе была магіла новая, у якую яшчэ ніхто ня быў пакладзены: 42 там паклалі Ісуса дзеля пятніцы Юдэйскай, бо магіла была блізка.