John 19 (BNTABOOT)
1 1. Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў. 2 2. І жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яму пурпуровую шату, 3 3. і казалі: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!», і білі Яго па шчоках. 4 4. Тады Пілат ізноў выйшаў навонкі і кажа ім: «Вось, я выводжу Яго навонкі да вас, каб вы даведаліся, што я не знаходжу ў Ім аніякае віны». 5 5. Тады выйшаў навонкі Ісус у цярновым вянку і пурпуровай шаце. І кажа ім [Пілат]: «Вось Чалавек!» 6 6. Калі ж убачылі Яго першасьвятары і паслугачы, дык закрычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знайшоў ў Ім віны». 7 7. Адказалі яму Юдэі: «Мы маем Закон; і паводле Закону нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым». 8 8. Калі Пілат пачуў гэта слова, яшчэ больш спалохаўся. 9 9. І ўвайшоў ён ізноў у прэторыю, і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Ісус жа ня даў яму адказу. 10 10. Тады кажа Яму Пілат: «Ты не гаворыш са мною? Ці Ты ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць Цябе і маю ўладу адпусьціць Цябе?» 11 11. Адказаў Ісус: «Ты ня меў бы аніякае ўлады нада Мною, калі б Табе не было дадзена звыш; дзеля гэтага большы грэх мае той, хто выдаў Мяне табе». 12 12. З таго моманту Пілат шукаў, каб адпусьціць Яго. А Юдэі закрычалі, кажучы: «Калі адпусьціш Яго, ты ня сябра цэзару; усякі, хто робіць сябе валадаром, працівіцца цэзару». 13 13. Пілат, пачуўшы гэта слова, вывеў Ісуса на вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, якое звалася Літастратан, а па-гебрайску — Габбата. 14 14. А быў дзень прыгатаваньня Пасхі, гадзіна каля шостай. І кажа ён Юдэям: «Вось, Валадар ваш!» 15 15. Яны ж закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Валадара вашага ўкрыжую?» Адказалі першасьвятары: «Мы ня маем валадара, акрамя цэзара». 16 16. Тады ён выдаў ім Яго, каб быў укрыжаваны. Яны ўзялі Ісуса і павялі. 17 17. І, несучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Чараповае, якое па-гебрайску завецца Гальгота. 18 18. Там укрыжавалі Яго, і з Ім двух другіх паабапал Яго, а ў сярэдзіне — Ісуса. 19 19. А Пілат напісаў надпіс і паставіў на крыжы. Было ж напісана: «Ісус з Назарэту, Валадар Юдэйскі». 20 20. Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад гораду, і напісана было па-гебрайску, па-грэцку і па-рымску. 21 21. Тады казалі Пілату першасьвятары юдэйскія: «Не пішы: “Валадар Юдэйскі”, але, што Ён Сам сказаў: “Я — валадар юдэйскі”». 22 22. Адказаў Пілат: «Што я напісаў, тое напісаў». 23 23. А жаўнеры, калі ўкрыжавалі Ісуса, узялі адзеньне Ягонае і падзялілі на чатыры часткі — кожнаму жаўнеру частка, і вопратку. А вопратка была ня шытая, але ўся вытканая ад верху. 24 24. Тады сказалі яны адзін аднаму: «Ня будзем разьдзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй яна будзе»; каб споўнілася Пісаньне, якое кажа: «Падзялілі адзеньне Маё між сабою і пра шату Маю кідалі жэрабе». Так і ўчынілі жаўнеры. 25 25. А каля крыжа Ісуса стаялі маці Ягоная і сястра маці Ягонай Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена. 26 26. Ісус жа, убачыўшы маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, кажа маці Сваёй: «Жанчына! Вось сын твой!» 27 27. Потым кажа вучню: «Вось маці твая!» І з таго часу вучань узяў яе да сябе. 28 28. Пасьля гэтага Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо зьдзейсьнілася, каб споўнілася Пісаньне, кажа: «Смагну!» 29 29. Там стаяла пасудзіна, поўная воцату. [Жаўнеры], напоўніўшы губку воцатам і ўсклаўшы на ізоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных. 30 30. Калі ж Ісус узяў воцат, сказаў: «Зьдзейсьнілася!», і, схіліўшы галаву, аддаў дух. 31 31. А Юдэі, каб не засталіся целы на крыжы ў суботу, таму што быў дзень прыгатаваньня, а тая субота была днём вялікім, прасілі Пілата, каб перабіць ў іх галёнкі і зьняць. 32 32. Тады прыйшлі жаўнеры, і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, які быў укрыжаваны з Ім. 33 33. Прыйшоўшы да Ісуса, калі ўбачылі, што Ён ужо памёршы, дык не перабілі ў Яго галёнак, 34 34. але адзін з жаўнераў дзідаю прабіў бок Ягоны, і адразу выцякла кроў і вада. 35 35. І той, хто бачыў, засьведчыў, і сьведчаньне ягонае праўдзівае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі. 36 36. Бо гэта сталася, каб споўнілася Пісаньне: «Косьць Ягоная ня будзе пераломленая». 37 37. І зноў іншае Пісаньне кажа: «Угледзяць, каго прабілі». 38 38. Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але патаемным дзеля страху перад Юдэямі, папрасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Тады ён прыйшоў і ўзяў цела Ісуса. 39 39. Прыйшоў і Нікадэм, які перш прыходзіў да Ісуса ўначы, несучы мешаніну сьмірны і алёэ фунтаў каля ста. 40 40. Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі Яго ў прасьціну з духмянасьцямі, як ёсьць звычай хаваць у Юдэяў. 41 41. На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў тым садзе — новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны. 42 42. Там дзеля дня прыгатаваньня юдэйскага, бо магіла была блізка, палажылі Ісуса.