Mark 8 (BNTABOOT)
1 1. У тыя дні, калі сабраўся вельмі вялікі натоўп і ня мелі што есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім: 2 2. «Шкада Мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні са Мною, і ня маюць што есьці. 3 3. І калі іх галоднымі адпушчу ў дамы іхнія, саслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк». 4 4. І адказалі Яму вучні Ягоныя: «Адкуль мог бы хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?» 5 5. І спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны сказалі: «Сем». 6 6. І загадаў натоўпу сесьці на зямлю, і, узяўшы сем хлябоў і падзякаваўшы, паламаў, і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі натоўпу. 7 7. І мелі яны некалькі рыбаў. І, іх дабраславіўшы, сказаў раздаць і тыя. 8 8. І елі, і наеліся, і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў. 9 9. А тых, што елі, было каля чатырох тысячаў; і адпусьціў іх. 10 10. І адразу, увайшоўшы з вучнямі Сваімі ў човен, прыйшоў у межы Дальмануты. 11 11. І выйшлі фарысэі, і пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ў Яго знаку з неба, спакушаючы Яго. 12 12. І Ён, уздыхнуўшы ў духу, гаворыць: «Чаму гэтае пакаленьне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: Знак ня будзе дадзены пакаленьню гэтаму». 13 13. І, пакінуўшы іх, увайшоў у човен і выправіўся на другі бок. 14 14. І забыліся ўзяць хлеб, і нічога ня мелі з сабою ў чаўне, апрача аднаго хлеба. 15 15. І Ён перасьцерагаў іх, кажучы: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай». 16 16. І яны разважалі між сабой, кажучы: «Гэта таму, што хлеба ня маем». 17 17. І, зразумеўшы, Ісус кажа ім: «Чаму разважаеце, што ня маеце хлеба? Ці яшчэ ня цяміце і не разумееце? Ці яшчэ скамянелае маеце сэрца вашае? 18 18. Маючы вочы, ня бачыце? І маючы вушы, ня чуеце? І ня памятаеце? 19 19. Калі Я пяць хлябоў падзяліў між пяці тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў вы назьбіралі?» Кажуць Яму: «Дванаццаць». 20 20. «А калі сем між чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў назьбіралі?» Яны сказалі: «Сем». 21 21. І сказаў ім: «Як жа не разумееце?» 22 22. І прыходзіць у Бэтсаіду, і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць Яго, каб дакрануўся да яго. 23 23. І, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за мястэчка і, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўсклаўшы на яго рукі, спытаўся ў яго, ці што бачыць. 24 24. І той, зірнуўшы, сказаў: «Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць». 25 25. Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў, каб бачыў. І той зрабіўся здаровым, і ясна мог усё бачыць. 26 26. І паслаў яго ў дом ягоны, кажучы: «Не заходзь у мястэчка і не кажы нікому ў мястэчку». 27 27. І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім называюць Мяне людзі?» 28 28. Яны адказалі: «Янам Хрысьціцелям, а іншыя — Ільлём, а іншыя — адным з прарокаў». 29 29. І Ён кажа ім: «А вы кім называеце Мяне?» І адказваючы, Пётар кажа Яму: «Ты — Хрыстос!» 30 30. І забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго. 31 31. І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын Чалавечы шмат перацярпеў, і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і быў забіты, і па трох днях уваскрос. 32 32. І гаварыў пра гэта адкрыта. І Пётар, адклікаўшы Яго, пачаў забараняць Яму. 33 33. Ён жа, павярнуўшыся і глянуўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: «Адыйдзі ад Мяне, шатан, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае». 34 34. І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною. 35 35. Бо хто хоча выратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той збавіць яе. 36 36. Бо што за карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? 37 37. Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю? 38 38. Бо хто пасароміцца Мяне і словаў Маіх у гэтым пакаленьні, чужаложным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі сьвятымі».