Acts 20 (BIB)
1 Калі спыніўся бунт, Павал, паклікаўшы вучняў і даўшы ім настаўленьні і разьвітаўшыся зь імі, выйшаў у Македонію. 2 Прайшоўшы тыя землі і наставіўшы вернікаў шчодрымі словамі, прыйшоў у Эладу; 3 Там прабыў ён тры месяцы; калі ж, з прычыны ўзрушэньня супраць яго Юдэяў ён хацеў выправіцца ў Сырыю, дык прыйшло яму на думку вярнуцца праз Македонію. 4 Зь ім сьледавалі да Асіі Сасіпатр Піраў, Вэрыянін, і Фесалонікійцы Арыстарх, Сэкунд, і Гаій Дэрвянін і Цімафей, і Асійцы Тыхік і Трахім. 5 Яны, апярэдзіўшы, чакалі нас у Траадзе. 6 А мы пасьля дзён праснаковых адплылі зь Філіпаў і дзён за пяць прыбылі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён. 7 У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабраліся на ламаньне хлеба, Павал, намерыўшыся выправіцца на другі дзень, гутарыў зь імі і прадоўжыў слова да поўначы. 8 У сьвятліцы, дзе мы сабраліся, было многа сьвяцільнікаў. 9 Падчас доўгай гутаркі Паўлавай адзін юнак, якога звалі Яўціх і які сядзеў на акне, забыўся ў глыбокім сьне і, пахіснуўшыся, сонны выпаў уніз з трэйцяга паверха і падняты быў мёртвы. 10 Павал, сышоўшы, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: ня трывожцеся, бо душа ягоная ў ім. 11 Падняўшыся ўгору і разламаўшы хлеб і з'еўшы, гутарыў доўга, аж да сьвітаньня, і потым пайшоў. 12 Тым часам хлопца прывялі жывога, і нямала ўцешыліся. 13 Мы пайшлі наперад на карабель і паплылі ў Ас, каб забраць адтуль Паўла; бо ён так загадаў нам, маючы ў намеры сам ісьці пеша. 14 А калі ён сышоўся з намі ў Асе, дык, узяўшы яго, мы прыбылі ў Матыліну. 15 І адплыўшы адтуль, на другі дзень мы спыніліся насупраць Хіёса, а яшчэ на другі прысталі да Самоса і, пабываўшы ў Трагіліі, на другі дзень прыбылі ў Міліт; 16 бо Паўлу надумалася абмінуць Эфэс, каб не замарудзіцца яму ў Асіі, таму што ён сьпяшаўся, калі можна, у дзень Пяцідзясятніцы быць у Ерусаліме. 17 А зь Міліта паслаўшы ў Эфэс, ён заклікаў прасьвітараў царквы, 18 і, калі яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: вы ведаеце, як я зь першага дня, калі прыйшоў у Асію, увесь час быў з вамі, 19 працуючы Госпаду з усякай пакорнай мудрасьцю і многімі сьлязьмі, сярод спакушэньняў, якія выпалі мне празь ліхія намыслы Юдэяў; 20 як я не прапусьціў нічога карыснага, пра што вам не прапаведаваў бы і чаму ня вучыў бы вас прылюдна і ў дамах, 21 абвяшчаючы Юдэям і Элінам пакаяньне перад Богам і веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста. 22 І вось, сёньня я пабуджаны Духам іду ў Ерусалім, ня ведаючы, што там здарыцца са мною; 23 толькі Дух Сьвяты ва ўсіх гарадах сьведчыць, кажучы, што кайданы і пакуты чакаюць мяне. 24 Але я ні на што не зважаю і не даражу сваім жыцьцём, толькі б з радасьцю зьдзейсьніць абавязак мой і служэньне, якое я прыняў ад Госпада Ісуса, прапаведаваць Дабравесьце мілаты Божай. 25 І сёньня, вось, я ведаю, што ўжо не пабачыце болей аблічча майго ўсе вы, сярод якіх хадзіў я, прапаведуючы Царства Божае. 26 Таму сьведчу вам у дзень сёньняшні, што чысты я ад крыві ўсіх; 27 бо я ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую. 28 Дык вось, пільнуйце сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас ахавальнікамі, пасьвіць Царкву Госпада і Бога, якую Ён здабыў Сабе Крывёю Сваёю. 29 Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не шкадуюць статку; 30 і з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць навыварат, каб павесьці вучняў за сабою. 31 Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады дзень і ноч бесьперастанку са сьлязьмі вучыў кожнага з вас. 32 І сёньня даручаю вас, браты, Богу і слову мілаты Ягонай, Які можа станавіць вас болей і даць вам спадчыну з усімі асьвечанымі. 33 Ні срэбра, ні золата, ні ўбраньня я ні ад кога не зажадаў: 34 самі ведаеце, што патрэбам маім і патрэбам тых, што былі са мною, паслужылі рукі мае гэтыя. 35 Ва ўсім паказаў я вам, што, працуючы, трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Ісуса, бо Ён Сам сказаў: «больш дабрашчасна - даваць, чым браць». 36 Сказаўшы гэта, ён стаў на калені свае і з усімі імі памаліўся. 37 Тады вялікі плач быў ва ўсіх, і, прыпадаючы Паўлу на грудзі, цалавалі яго, 38 смуткуючы найболей ад сказанага ім слова, што ўжо не пабачаць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.