Job 31 (BIB)
1 Запавет паклаў я з вачамі маімі, каб ня думаць пра дзяўчыну. 2 Якая ж доля мне ад Бога згары? І якая спадчына ад Усемагутнага зь нябёсаў? 3 Ці не для бязбожніка пагібель, і напасьце ці ж не для таго, хто ўчыняе ліха? 4 Ці ж ня бачыў Ён шляхоў маіх і ці ня лічыў усіх маіх крокаў? 5 Калі я хадзіў у марнасьці, і калі нага мая сьпяшалася на хітрыкі, - 6 няхай узважаць мяне на вагах праўды, і Бог даведаецца пра маю беззаганнасьць. 7 Калі ступакі мае ўхіляліся ад дарогі і сэрца маё ішло сьледам за вачамі маімі, і калі што-небудзь нячыстае прыстала да рук маіх, 8 дык няхай я сею, а іншы есьць, і хай парасткі мае выкараненыя будуць. 9 Калі сэрца маё спакушалася жанчынаю і я ставіў пасткі каля дзьвярэй майго блізкага, - 10 хай мая жонка меле на іншага, і хай іншыя зьдзекуюцца зь яго, 11 бо гэта - злачынства, гэта - беззаконьне, якое падпадае суду; 12 гэта - агонь, які зьядае да зьнішчэньня, які зьнішчыў бы ўсё дабро маё. 13 Калі я меў у занядбаньні правы слугі і служанкі маёй, калі яны спрачаліся са мною, 14 дык што я пачаў бы рабіць, калі б Бог паўстаў? І калі б Ён паглядзеў на мяне, што мог бы я адказваць Яму? 15 Ці ня Ён, Які стварыў мяне ў чэраве, стварыў і яго і гэтак сама нас у нутробе? 16 Ці ж бы адмаўляў я ў просьбе тым, што мелі патрэбу, ці ж таміў бы вочы ўдавы? 17 Ці ж адзін я зьядаў кавалак мой, і ці ж ня еў ад яго і сірата? 18 Бо змалку ён рос са мною, як з бацькам, і ад чэрава маці маёй я кіраваў удаву. 19 Калі я бачыў каго, хто гінуў бяз вопраткі, і беднага бяз покрыва, - 20 ці ж не дабраслаўлялі мяне сьцёгны ягоныя, і ці ня быў ён сагрэты воўнаю авечак маіх? 21 Калі я падымаў руку маю на сірату, калі бачыў дапамогу сабе каля брамы, 22 дык няхай плячук мой адпадзе ад спіны, і рука мая хай адломіцца ад локця, 23 бо страшная мне кара ад Бога: перад веліччу Яго ня ўстояў бы я. 24 Ці закладваў я ў золаце апору маю і ці казаў скарбу: ты - надзея мая? 25 Ці радаваўся я, што багацьце маё было вялікае, і што рука мая набыла многа? 26 Гледзячы на сонца, як яно зьзяе, і на месяц, як ён велічна крочыць, 27 ці паквапіўся я ў таямніцы сэрца майго, і ці цалавалі вусны мае руку маю? 28 Гэта таксама было б злачынства, якое падлягае суду, бо я адрокся б тады ад Бога Ўсявышняга. 29 Ці радаваўся я пагібелі ворага майго і ці трыумфаваў, калі няшчасьце напаткала яго? 30 Не дазваляў я вуснам маім грашыць праклёнам душы ягонай. 31 Ці ж не казалі людзі намёта майго: о, калі б мы ад мяса ягонага не насыціліся? 32 Дарожнік не начаваў на вуліцы; дзьверы мае праходжаму я адчыняў. 33 Калі б я ўтойваў правіны мае, як чалавек, утойваючы ў грудзях маіх заганы мае, 34 дык я баяўся б вялікай грамады, і пагарда аднапляменцаў палохала б мяне, і я маўчаў бы і ня выходзіў бы за дзьверы. 35 О, калі б хто выслухаў мяне! Вось маё жаданьне, каб Усеўладны адказваў мне, і каб абаронца мой склаў запіс. 36 Я насіў бы яго на плячах маіх і ўскладваў бы яго, як вянок; 37 абвясьціў бы яму колькасьць крокаў маіх, зблізіўся б зь ім, як з князем. 38 Калі б лямантавала на мяне зямля мая і скардзіліся на мяне барозны яе, 39 калі я еў плады яе без платы і абцяжваў жыцьцё земляробаў, 40 дык хай замест пшаніцы вырастуць ваўчкі і замест ячменю куколь. - Слова Ёва скончылася.